21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

22.02.2024
Міжнародны дзень роднай мовы ва ўстановах адукацыі Вілейскага раёна.

У Даўгінаўскай сярэдняй школе імя У.І.Слабодчыкава ў чарговы раз адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы пад дэвізам «Да роднай мовы і культуры крок зрабі». У гэты дзень  усе вучні і настаўнікі  ўспомнілі беларускія словы прывітання і развітання, склалі воблака слоў "Маё любімае слова па-беларуску", стварылі калаж выказванняў "Майстры слова пра мову", удзельнічалі ў рухомых перапынках пад вядомыя беларускія мелодыі, а старшакласнікі далучыліся да анлайн-віктарыны "Знаўцы роднай мовы", сталі ўдзельнікамі гульні "Зямля мая загадкавая", а таксама 2 этапу алімпіяды БДПУ імя Максіма Танка па беларускай мове і літаратуры.

Дзень роднай мовы адзначылі  ў ДУА "Нарацкая сярэдняя школа Вілейскага раёна". Гэта дзень, калi варта пацвердзіць вядомае: чытаць, пісаць i думаць па-беларуску здольны кожны. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці. На другім паверсе разгарнулася тэматычная выстава ў трох накірунках: "Размаўляем па-беларуску", "Чытаем па-беларуску", "Выказванні вядомых пісьменнікаў пра родную мову". Кожны вучань змог знайсці на выставе карысную для сябе інфармацыю. На перапынках  вучні і настаўнікі прынялі ўдзел у гульні "Лепшы знаўца беларускіх слоў".  Удзельнікі акунуліся ў чароўны свет роднай мовы, паслухалі, як яна гучыць не толькі на ўроках, за правільныя адказы атрымалі салодкія прызы.📚"Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй  хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам", – зазначаў Янка Сіпакоў.

 
У Вілейскай гімназіі №1"Логас" святочна адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. З самай раніцы ўсіх грамадзян гімназіі ў фае сустракалі дзяўчынкі-беларусачкі з віншаваннямі-валошкамі як сімвалам роднай мовы. Гучанне беларускай музыкі надавала святу яшчэ большую ўрачыстасць. Тэматычны стэнд "Мова родная – мова модная" нагадаў усім запаветныя выказванні беларускіх пісьменнікаў пра родную мову. Акцыя "Сакавітае роднае слова" прайшла для вучняў і настаўнікаў 5-8 класаў. А вучні пачатковых класаў прынялі ўдзел у гульні "Беларускае лато". Пераможцы атрымалі ўзнагароды. Вясёлы перапынак з беларускімі народнымі песнямі, танцамі і гульнямі захапіў усіх, надаў святу весялосці і радасці, стаў фінальнай кропкай святочных мерапрыемстваў.
 
 

 

У ДУА "Любанская сярэдняя школа Вілейскага раёна" прайшоў моўны турнір "Адкрываю нанова беларускае роднае слова". У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні 5 і 7 класаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі не толькі свае веды па беларускай мове, але і кемлівасць, спрыт і хуткасць!