Месячнік па навядзенні парадку на зямлі

15.04.2020
З 1 па 30 красавіка праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні, уборцы і азеляненні тэрыторый.

Да месячніку актыўна далучыліся ўстановы адукацыі. Напрыклад, ДУА "Сярэдняя школа № 3 г.Вілейкі".

– У нас распрацаваны план мерапрыемстваў па правядзенні месячніка, – расказаў дырэктар установы Мікалай Гіро. – Запланаваны, выкананы і выконваюцца самыя розныя работы па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі. А гэта – устаноўка агароджы, абрэзка дрэў і кустоў, афарбоўка бетонных слупоў, агароджы, кветнікаў і іншае. На месца знесенага будынка ціра, які стаяў на нашай тэрыторыі, нашы шэфы – працаўнікі ПМК-88 – прывезлі зямлю, і тут хутка мы зробім прыгожыя кветнікі. Добраўпарадкоўваем і пляцоўку ля кантэйнераў для збору цвёрдых гаспарадчых адыходаў. З першага дня красавіка пачалі дружна працаваць усім калектывам, таму што нам неабыякава, якімі будуць і наша тэрыторыя, і наша малая радзіма, і экалогія ўвогуле. Асаблівы настрой стварае і ўсведамленне таго, што бягучы год у нас асаблівы, юбілейны – будзем адзначаць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Хочацца і нам унесці лепту ў добрыя справы.

Зроблена ўжо нямала, але яшчэ шмат спраў і задумак наперадзе. Настаўнікі і вучні школы старанна працуюць дзеля галоўнага: каб на іх маленькай «планеце» – школьнай тэрыторыі – былі парадак і прыгажосць.