Старонкі жыцця настаўніцы

23.11.2023
Настаўнік. Гэта слова сёння асацыіруецца ў людзей з розным. Але ва ўсе часы настаўнік вучыў, вучыў і вучыў, нягледзячы ні на што.

Ніна Львоўна Касяк – настаўніца ад Бога, якая працавала ў Іжскай школе. Проста немагчыма было ўявіць школу без яе, а яе – без школы.

23 лістапада нашай паважанай Ніне Львоўне споўніцца 90 гадоў. І гэта не толькі настаўнік, якога цэняць і паважаюць, але і чалавек, апантаны сваёй працай, шчыры патрыёт Беларусі, заслужаны настаўнік БССР. За яе плячыма больш за 35 гадоў педагагічнай працы ў адной на той час Іжанскай сярэдняй школе. Кожны раз дорыць эмоцыі сустрэча з гэтай сціплай, прыгожай знешне і душой жанчынай, нястомнай працаўніцай, чалавекам высокіх ідэалаў, энцыклапедычных ведаў, прафесіяналам сваёй справы.

На лёс яе пакалення выпала нямала. Родам з Віцебшчыны. У раннім узросце пазнала жах вайны, на жаль, лёс не засцярог ад сіроцтва, бацька загінуў на фронце, адна сястра – пры бамбёжцы немцамі іх вёскі. Расла ў шмат­дзетнай сям’і, дзе была адна маці. Як і ўсе сялянскія дзеці, Ніна рана пачала дапамагаць. Старалася вучыцца, многа чытала, пражывала жыццё кніжных герояў, а настаўнікі для яе былі нейкімі незвычайнымі людзьмі, напоўненымі шчырасцю, дабрынёй, ведамі. Гэтыя ўзвышаныя адносіны да школы і настаўнікаў пранясла Ніна Львоўна праз многія гады.

Сярод школьных прадметаў больш любіла хімію. Пасля школы дзяўчына паступіла на хіміка­біялагічны факультэт Віцебскага педінстытута, які паспяхова закончыла ў 1957 годзе. Пасля накіравання ў гэтым жа годзе маладая настаўніца прыехала ў Іжанскую СШ. Тут сустрэла і свайго суджанага. Ім аказаўся малады спецыяліст, ветурач мясцовай гаспадаркі з суседняй вёскі Ляскі. Сустрэчы і моцныя пачуцці прывялі да стварэння маладой сям’і. Жылі ў ладзе і згодзе, у іх нарадзіліся тры дачушкі: Наталля, Ларыса, Ірына. Усе гады сям’я Касяк служыла прыкладам для аднавяскоўцаў: многа працавалі, трымалі на падворку розную жыў­насць. Паспявала руплівая настаўніца і ў школе, і дома. Дапамагала яе маці, якая доўгі час жыла ў сям’і дачкі.

Ніна Львоўна з’яўляецца ўзорам прыстойнасці, працавітасці, культуры для моладзі. У час працы ў школе брала за аснову дзейнасці багаты вопыт старэйшых педагогаў, педагогаў­наватараў, які ўдала спалучала з уласнымі задумкамі.

А якія цікавыя былі выхаваўчыя мерапрыемствы. Вучні з захапленнем удзельнічалі, на вечарах сустрэчы заўсёды ўспаміналі пра гэта і з гонарам гаварылі пра сваю настаўніцу.

Педагагічная праца Ніны Львоўны паслужыла прыкладам сямейнай дынастыі педагогаў. Старэйшая дачка Наталля – настаўнік рускай мовы і літаратуры, Ларыса – геаграфіі, малодшая Ірына закончыла геолага­геаграфічны факультэт БДУ. Не парываюць з ёй сувязі чацвёра ўнукаў, бабуля хоць і асцярожна, але стараецца ўнесці свой педагагічны ўклад у іх жыццё, а яны часта наведваюць, клапоцяцца аб ёй.

Усе гады Ніна Львоўна падстаўляла плячо маці загінуўшага воіна­афганца Мікалая Каляды, вучня Іжскай школы. Пасля гібелі Мікалая яна кожны тыдзень спяшалася з Іжы ў Ляскі, каб падтрымаць жанчыну, даць ёй сілы жыць.

У вясковай настаўніцы і цяпер заўсёды парадак ў доме і на падворку, на клумбах цвітуць прыгожыя кветкі. З гадамі ўсё часцей падво­дзіць Ніну Львоўну здароўе. Часам бывае няпроста, прыходзіць на выручку дачушка Наталля. Чалавечае сэрца – не камень, кажуць у народзе. А колькі прыйшлося сцярпець, перажыць сэрцу Ніны Львоўны, калі цяжкая хвароба забрала з жыцця дачку Ларысу, мужа Мікалая, а затым зяця і сяброўку. Мінаюць гады, а боль страты дарагіх сэрцу людзей не суціхае. Божай дапамогі Вам, цярпення, трымайцеся, наша шаноўная калега.

Разам з тым Ніна Львоўна застаецца прынцыповай, патрабавальнай да сябе і калег. Я ўдзячна лёсу за гады працы з Нінай Львоўнай і спа­дзяюся, што, чытаючы раёнку, жыхары Іжаншчыны ды і Вілейшчыны ўспомняць мінулае і добрым словам прыгадаюць выдатнага педагога, заслужаную настаўніцу БССР Касяк Ніну Львоўну. Няхай яшчэ многія гады яркая жыццёвая зорачка яе гарыць на небасхіле і радуе ўсіх!

Валянціна ПУТЫРСКАЯ, педагог­ветэран