Міжнародны дзень роднай мовы

22.02.2020
Ва ўстановах адукацыі прайшлі мерапрыемствы, прасвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы.

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА і адзначаецца штогод з 2000 года. Мэта свята - ахова моўнай і культурнай разнастайнасці.

Установы адукацыі традыцыйна штогод ладзяць цікавыя мерапрыемствы да гэтага свята. Бягучы год не выключэнне.

Так, трэба адзначыць, што напрацягу мінулага тыдня кожны дзень ў ДУА "Вілейская гімназія № 1 "Логас" быў адзначаны асаблівым, нетрывіяльным мерапрыемствам: 17 лютага вучні ўспаміналі імёны і прозвішчы беларускіх пісьменнікаў, узнаўлялі назвы беларускіх твораў па малюнках, 18 лютага гімназістам прапанавалі знайсці на карце Беларусі гербы з выявамі птушак, звяроў і адказаць на пытанні. Гэты дзень атрымаў назву “Беларусь геральдычная”, 19 лютага вучні і настаўнікі, супрацоўнікі гімназіі ўзгадвалі назвы традыцыйных беларускіх страваў, назвы рыбы, грыбоў, 20 лютага дзень прайшоў пад назвай “Міфалогія Беларусі”. Увазе вучняў была прапанавана цікавая інфармацыя пра багоў і духаў беларусаў, павер’і і прыкметы нашага народа. Найбольш зацікаўленыя вучні змаглі намаляваць вядомую міфічную істоту або прыдумаць сваю.

21 лютага на інтэрактыўным стэндзе “Мая Беларусь” з’явіліся рознакаляровыя карты Беларусі, якія размалявалі вучні кожнага класа. Кожны клас па-свойму ўбачыў Беларусь, аднак усе малюнкі вызначаліся яркасцю колераў, крэатыўнасцю і непаўторнасцю.

У  ДУА "Вілейская гімназія № 2" прайшла сустрэча з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, на якой прысутнічалі прысутнічалі Ірына Аляксандраўна Карнаухава, Бажэна Юр'еўна Мацюк, якая, дарэчы, з'яўляеццы выпускніцай гімназіі 2009 года. Актыўны ўдзел у сустрэчы прымаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА "Вілейская гімназія № 2", член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Віктаравіч Кажура.

У ДУА "Сярэдняя школа № 1 г.Вілейкі" 21 лютага адбылася сустрэча вучняў 8-ых класаў з Каптюг Галінай Ігнацьеўнай, былой настаўніцай школы, беларускамоўнай паэткай, прайшла акцыя «Смак роднай мовы», арганізаваны выставы «Роднае слова – цудоўнае слова», «Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся», флеш-моб «Танцуем разам» і інш.

Ва ўстанове адукацыі "Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця" да свята мовы, а таксама у рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта «Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі» 21 лютага на працягу ўсяго дня навучэнцы і настаўнікі школы мелі магчымасць завітаць на свята «Дзень роднай мовы». Былі праведзены: акцыя «Размаўляем па-беларуску», літаратурная кампазіцыя «Любі, шануй роднае слова», конкурс «Спяваем па-беларуску», прагляд відэафільма «Смак мовы» і мультфільмаў на беларускай мове, падрыхтавана фотазона «Беларускае народнае адзенне». А прагляд відэаролікаў «Беларуская народная кухня» даў пачатак школьнага конкурсу, які будзе доўжыцца да канца навучальнага года. 

У ДУА "Чурленскі НПК д/с -СШ" святкаванне Дня роднай мовы таксама было займальным. Вучні падбіралі ключы да роднай мовы на інтэлектуальнай гульні  “Знаўцы мовы”, спаборнічалі на моўным турніры  “Скарбонка роднай мовы”. Удзельнікі шукалі адказы на пытанні сінтаксісу і пунктуацыі, прыгадвалі прадметы і з’явы, тлумачылі сэнс беларускіх слоў, перакладалі з рускай на беларускую мову, спрабавалі правільна ўжываць фразеалагізмы, працягвалі фразы з вядомых вершаў. Упершыню вучні, настаўнікі, бацькі і проста жыхары мясцовасці сталі ўдзельнікамі агульнашкольнай акцыі “Дыктант на роднай мове”, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.

ДУА "Пачатковая школа № 6 г.Вілейкі" далучылася да святкавання. На працягу ўсяго дня у школе праводзілася акцыя «Гавары са мной па-беларуску». У кожным класе  прайшлі мерапрыемствы для вучняў, галоўнай задачай якіх было паказаць, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе на творчыя ініцыятывы.

Таксама, 21 лютага ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі адбылася акцыя “Падаруй кнігу”, у час якой самым малодшым першакласнікам былі ўручаны кнігі на беларускай мове.

Увогуле, за мінулы тыдзень ва ўстановах адукацыі прайшло вельмі шмат цікавых і займальных мерапрыемстваў, прысвечаных непаўторнай беларускай мове.

Фотогалерея: